Беларуская Служба

Валер Кавалеўскі пасля сустрэчы з генсакратаром НАТА: І ў Бруселі, і ў Нью-Ёрку занепакоеныя магчымасцю пашырэння вайны

08.05.2024 14:15
Ці звязаная гэтая сустрэча з пагрозаю вайны ў Еўропе, тэма якая проста вісіць у паветры?
Аўдыё
  • Ёсць зацікаўленасць з боку Паўночнаатлантычнага альянса, каб весці дыялог
Кіраўніца Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Святлана Ціханоўская сустрэлася з генеральным сакратаром НАТА Енсам Столтэнбергам@CabinetBelarus

Упершыню кіраўніца Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Святлана Ціханоўская сустрэлася з генеральным сакратаром НАТА Енсам Столтэнбергам. Ці звязаная гэтая сустрэча з пагрозаю вайны ў Еўропе, тэма якая проста вісіць у паветры, наколькі яна спантанная ці планаваная? Паразмаўлялі пра гэта з прадстаўніком Офісу Святланы Ціханоўскай, дыпламатам Валерыем Кавалеўскім.

Валер Кавалеўскі, прадстаўнік па замежных справах Аб'яднанага пераходнага кабінета  падкрэслівае, што сустрэча не спантанная — яна рыхтавалася даўно, перамовы вяліся з сакратарыятам НАТА некалькі месяцаў. Як важную задачу суразмоўца называе інфармацыйную працу, тлумачэнне, што адбываецца ў краіне і рэгіёне.

«Канешне, мы разлічваем на тое, што гэта будзе пачаткам дыялогу паміж дэмакратычнай Беларуссю і НАТА. Будзе найперш фокус на палітычным парадку дня. Мы адчуваем, што ёсць дэфіцыт інфармацыі ў розных міжнародных структурах пра тое, што адбываецца ў Беларусі. Трэба таксама мяняць успрыняццё Беларусі, што Беларусь не з'яўляецца сатэлітам Расіі,  сатэлітам Расіі з'яўляецца Лукашэнка. Беларусы і рэжым — гэта розныя рэчы. Магу сказаць, што ёсць неблагая зацікаўленасць з боку Паўночнаатлантычнага альянса, каб весці такі дыялог», — кажа Кавалеўскі.

Валер Кавалеўскі не пагаджаецца з пастаноўкай пытання, навошта НАТА весці дыялог з беларускай апазіцыяй, якая цяпер не можа ўплываць на працэсы ўнутры Беларусі:

— Я не думаю, што беларускія дэмакратычныя сілы ні на што не ўплываюць у Беларусі. Іншая справа, гэта прыкмета таго, што беларускія дэмакратычныя сілы прызнаюць, успрымаюць у краінах Захаду, у міжнародных арганізацыях, такіх аўтарытэтных, як НАТА. Яны ўспрымаюць нас як партнёра, як сілу, якая можа дапамагчы ім лепш разабрацца ў тым, што адбываецца. Калі казаць пра стратэгічныя мэты, то на сённяшні дзень рэжым Лукашэнкі ўяўляе пагрозу міжнароднаму міру і бяспецы, пагражае інтарэсам НАТА, краінам, якія мяжуюць з Беларуссю, ваеннымі пагрозамі, ядзернай зброяй. Канешне, дэмакратычная Беларусь ніколі б так не паводзілася, а была б партнёрам для НАТА. Мы зацікаўленыя ў тым, каб у нас былі здаровыя, канструктыўныя ўзаемавыгадныя адносіны з Альянсам. Гэта будзе ў прыярытэце палітыкі дэмакратычнай Беларусі.

Разважаючы пра патэнцыйную ролю Беларусі ў эскалацыі Расіяй вайны, магчымага адказу, які закране краіну, Валер Кавалеўскі падкрэслівае, што гэта не тэарэтычныя разважанні:

— Факты ў тым, што Лукашэнка з’яўляецца суагрэсарам, вайна пачалася з тэрыторыі Беларусі. З тэрыторыі Беларусі ракетныя абстрэлы вяліся амаль палову года. На той час украінскі бок наўпрост казаў, што калі будзе працягвацца, то можам нанесці ўдар у адказ, краіна павінна сябе абараняць.

У прэс-рэлізе НАТА па выніках сустрэчы прыводзяцца словы генсакратара альянса Енса Столтэнберга, які таксама звяртае ўвагу, што «падтрымка Мінска была важнай для Расіі ў забеспячэнні тэрыяторыяй, інфраструктурай расійскіх сіл для нападу на Украіну і падтрымкі агрэсіўнай вайны».

—  Формы саўдзелу не вычэрпваюцца толькі ўварваннем з тэрыторыі Беларусі. Гэта і ваенна-прамысловы комплекс Беларусі, які ўвесь час задзейнічаны, каб дапамагаць, і трэніровачныя палігоны, і рамонт тэхнікі, і пастаўкі боепрыпасаў, ідэалагічная, прапагандысцкая праца, калі з Украіны робяць вобраз агрэсара. Гэта ўсё рэальнасць. І мы кажам беларусам, што калі Лукашэнка працягне гэтую лінію, ёсць высокая верагоднасць таго, што вайна можа прыйсці на тэрыторыю Беларусі. Лукашэнка робіць нас патэнцыйнай мішэнню, асабліва калі мы кажам пра ядзерную зброю. Мы разумеем, што калі ядзерная зброя будзе прыменена з тэрыторыі Беларусі, то краіны ў адказ будуць разглядаць аб'екты на тэрыторыі Беларусі. Гэта так працуе. Нам трэба будзе абмяркоўваць такія тэмы з нашымі партнёрамі, каб выпрацоўваць рашэнні.

І ў Бруселі, і ў Нью-Ёрку вельмі занепакоеныя тым, што вайна можа разрастацца, ёсць пагроза эскалацыі гэтага канфлікту, і Беларусь сапраўды можа стаць тым месцам, куды можа прыйсці вайна. Рэжым Лукашэнкі ўжо цяпер злоўжывае тэрыторыяй, інфраструктурай Беларусі, каб дапамагаць Расіі. Наша задача — прадухіліць найгоршы сцэнарый, але не за кошт незалежнасці Беларусі, не за кошт нацыянальнасці беларусаў. Мы павінны дамагчыся таго, што Беларусь захавае і незалежнасць, і ідэнтычнасць. Вельмі складаная задача перад намі, — гаворыць Валер Кавалеўскі.

вх